Хотите дальше читать devby? 📝
Support us

MAPS.ME: «Мы даказалі тое, у што індустрыя не верыла»

Оставить комментарий
MAPS.ME: «Мы даказалі тое, у што індустрыя не верыла»

На мінулым тыдні адбылася адна з самых гучных падзей 2014 года ў беларускім ІТ. Расійская Mail.Ru Group набыла мабільны сэрвіс офлайн-карт MAPS.ME, распрацаваны аднайменнай беларускай камандай. Хоць афіцыйная сума ўгоды, што павінна паскорыць сусветную экспансію міжнароднага брэнда My.com, не раскрываецца, эксперты ацанілі яе ў $10-20 млн. Заснавальнікі MAPS.ME Юры Мельнічак, CEO, і Віктар Гавака, CTO, а таксама ментар праекта Юры Гурскі распавялі dev.by пра дэталі пагаднення, а таксама пра тое, што чакае «Карты» у бліжэйшай перспектыве. 

Вельмі шчырае інтэрв’ю

«Мы ўклалі ў праект больш за $150 тысяч»

— Калі вы пачалі задумвацца аб продажы MAPS.ME?

Віктар Гавака (В.Г.): У розных стартап-тусоўках мы ўвесь час чулі, што ад самага пачатку трэба планаваць «экзіты». Але, у адрозненне ад многіх, не думалі пра гэта. Наша стратэгія палягала ў тым, каб рабіць добры прадукт, а далей, маўляў, паглядзім, што атрымаецца.

Юры Мельнічак (Ю.М.): Аднак у нейкі момант мы зразумелі, што можам бегчы хутчэй. Патрэбен быў вялікі скачок на ўзровень вышэй. Дасягнуць гэтага можна было альбо праз інвестыцыі, альбо праз продаж вялікай кампаніі. Гэты працэс пачаўся сёлета.

— І вы, Юры, падкрэслілі, што прыйшлі да кантракту з Mail.ru без вялікіх інвестыцый.

Ю.М.: Амаль без іх, бо мой сябар Андрэй Кулік дапамог праекту 10 тысячамі долараў. Было некалькі інвестыцыйных прапановаў, але яны не падыходзілі паводле некалькіх параметраў. Гэтак, аднаму інвестару мы адмовілі, бо ён жадаў атрымаць вялікую частку кампаніі.    

В.Г.: Калі ты плануеш атрымаць інвестыцыі, то разлічваеш не толькі на грошы, але і на экспертызу, на дапамогу новых людзей. Ці чакаеш, каб яны прынамсі не заміналі. Мы такога інвестара не сустрэлі.  

Не варта забываць, што на самым пачатку Юры ўклаў у справу ўласныя грошы — гэта былі даволі значныя сумы для Беларусі. Мы таксама пазычалі ў нашых знаёмых, а потым вярталі.

Юры Мельнічак (злева) і Віктар Гавака

— Якую суму вы ўклалі ў праект, пакуль ён не стаў прыносіць прыбытак?

Ю.М.: Паміж 150 і 250 тысячамі долараў.

В.Г.: На тое, каб MAPS.ME пачаў прыносіць хоць-які даход, спатрэбілася два гады.

З чаго пачыналася гісторыя MAPS.ME >>>

— На якім этапе з’явілася прапанова ад Mail.ru?

Ю.М.: У нейкі момант мы вырашылі пагаварыць з усімі — з партнёрамі, патэнцыйнымі інвестарамі і пакупнікамі. У нас былі іншыя прапановы аб продажы, але яны нам не вельмі падабаліся што да далейшага накірунку развіцця прадукта і кампаніі.

Я таксама зразумеў, што нам неабходна знайсці ментара. Так год назад да нас у каманду трапіў Юры Гурскі. Калі б мы паклікалі яго раней, развіваліся б хутчэй.

Канкрэтна з Mail.ru мы пачалі размаўляць тры месяцы назад. Юра дапамог нам сфармуляваць стратэгію і правесці перамовы.

У мінскім офісе MAPS.ME

Юры Гурскі (Ю.Г.): Пра MAPS.ME я ведаў даўно. Збіраўся нават інвеставаць, але мы не дамовіліся пра суму. Праз год зноў вярнуліся да перамоваў. Тады стала зразумела, што праект можна развіваць, уліваючы ў яго веды, а не грошы. У адрозненне ад іншых праектаў, што размаўлялі са мной пра ментарства, MAPS.ME апынуліся больш дальнабачныя, зрабіўшы фінансавую прапанову. Праектам мы займаліся крыху больш за год. За гэты час перабудавалі стратэгію, якую пасля і прадалі Mail.ru. Адпаведна, узнялі продажы больш, чым у два разы.

Вялікіх высілкаў каштавала нам сама ўгода. Тое, што ў мяне быў папярэдні рэлевантны вопыт, дапамагло нам пазбегнуць шэрагу сур’ёзных праблем.

У гэты ж час у мяне адбыліся акцыянерныя разборкі ў Sport.com — я стаў свабодным чалавекам без поўнафункцыянальнай загрузкі.

«Мы не чакаем масавай негатыўнай рэакцыі карыстальнікаў на Mail.ru»

— Што для вас у гэтым кантракце самае важнае: сам факт продажу, імя пакупніка ці нешта яшчэ?

Ю.М.: Атрымалася так, што ў дадзеным выпадку супала практычна ўсё. Для нас было важна, каб праект працягнуў існаваць і развівацца.

В.Г.: І нам гарантавалі гэтую магчымасць: «Хлопцы, вы будзеце галоўнымі. Як вы раней бачылі развіццё праекта, так і будзеце далей працаваць».  

Ю.М.: З іншага боку, мы на гэтым зарабілі. Мы разумеем, што аддалі MAPS.ME чатыры гады, уклалі немалую колькасць уласных сродкаў. Таму кампенсацыя для нас таксама істотная.

Мы атрымалі магчымасць далей зарабляць і рабіць тое, што падабаецца. Калі параўноўваць з нашым ранейшым статусам стартапа, мы знізілі рызыкі практычна да нуля, захаваўшы ўсё астатняе.

— Вы падкрэсліваеце, што прадалі продукт MAPS.ME, але не кампанію MapsWithMe GmbH. Аднак вы — кампанія аднаго прадукту, які цяпер вам не належыць. Да таго ж ваш мінскі офіс пераязджае ў Маскву…

Ю.М.: Швейцарскі офіс MapsMe GmbH не выключае магчымасці ў далейшым займацца распрацоўкай іншых мабільных дадаткаў, не звязаных з праектам MAPS.ME. Цяпер вядуцца размовы пра запуск новага перспектыўнага стартапа пад дахам швейцарскай кампаніі.

— 13 працэнтаў вашых карыстальнікаў знаходзяцца ў ЗША, яшчэ 11 — у Германіі і Італіі. Пасля абвесткі аб продажы на вашай старонцы ў Facebook з’явілася шэраг негатыўных каментаў ад замежнікаў. Ці не баіцеся, што ваш продаж расійскаму ўладальніку ў разгар заходне-расійскага супрацьстаяння і антырасійскіх санкцый, а таксама не заўжды пазітыўны імідж уласна Mail.ru ўдарыць па папулярнасці вашага сэрвіса на Захадзе?

В.Г.: Большасць карыстальнікаў MAPS.ME ўсталявалі дадатак, каб вырашаць канкрэтныя задачы — іх не цікавіць, хто яго распрацаваў і на якія грошы. Да таго ж, многія сэрвісы для мабільных прыладаў былі распрацаваныя з удзелам расійскага капіталу. 

Уявіце, калі б у гэтай угодзе ўдзельнічаў Apple, Google ці Microsoft? Ад заходняй аўдыторыі было б не менш негатыўных каментароў, якія б вінавацілі нас у продажы карпарацыям, манапалістам і г. д.

Ю.М.: Мы атрымалі велізарны рэсурс для PR, прываблівання новых карыстальнікаў. Масіўнае асвятленне нашага продажу ў сусветных медыя — пра яго напісалі ад Reuters да Businessweek — пацвярджае той факт, што Mail.ru вельмі эфектыўна папрацавалі ў гэтым кірунку. Гэта адназначна прывядзе да піку колькасці нашых карыстальнікаў.

Мне таксама падаецца, што супольнасці OpenStreetMap усё яшчэ бракуе інтарэсу глабальных карпарацый, што былі б зацікаўленыя ў яе поспеху. Гэтак, цяпер вялікія карпарацыі актыўна інвестуюць ў Linux, бо разумеюць, што ад гэтай платформы залежыць іх фінансавы поспех. Такія кампаніі ёсць у ЗША і, як мне падаецца, вельмі не хапала, каб вялікая кампанія з Расіі таксама была б зацікаўленая ў поспеху OSM. 

Ю.Г.: Я не чакаю масавай негатыўнай рэакцыі з боку карыстальнікаў, бо Mail.ru ў свеце мала каму вядомы. Гэтаксама, як у Расіі не ведаюць Rakuten ці Napster. MAPS.ME будзе пашыраць экспансію брэнда My.com (з офісамі у ЗША, Еўропе і Азіі), які для міжнароднага рынка ўсё ж ёсць стартап, хоць і добра прафінансаваны.

Што тычыцца негатыўнага шлейфу Mail.ru, я не зусім разумею, адкуль ён цягнецца. Правёўшы дастаткова доўгі час ўсярэдзіне кампаніі, я перакананы, што паводле ступені арганізацыі, стаўлення да людзей, прадуктаў, прафесіяналізму, Mail.ru даў бы фору Google і значна пераўзыходзіць усё, што я бачыў у Расіі.

Падобную гісторыю з іміджавай плямай мне распавядаў Касперскі. Толькі ў адной версіі іх антывіруса за 20 год існавання была памылка, пра якую дагэтуль усе ўзгадваюць. Аналагічная сітуацыя і з Mail.ru. Так, у іх былі рэчы, якія ўсіх раздражнялі, аднак сёння іх пошта, на мой погляд, лепей за Gmail, воблака Mail.ru таксама лепей за Google. Гэта адзін з лепшых на рынку выдавец гульняў (і другі пасля Wargaming.net у нашым рэгіёне), уладальнік Headhunter, «Одноклассников» і «ВКонтакте»… Многія прадукты Mail.ru даказалі высокую якасць і карыстаюцца вялікай папулярнасцю сярод карыстальнікаў.

«Чаму Mail.ru не заб’е нашы карты»

— Распавядзіце пра лагістычныя падрабязнасці пераезду.

Ю.М.: Прапанову аб пераездзе ў Маскву атрымалі ўсе нашы супрацоўнікі, і большая частка каманды туды перабіраецца. Пераезд будзе аплачаны Mail.ru, у тым ліку арэнда жытла на першы месяц і аплата рыэлтарскіх паслуг.

Умовы працы непараўнаныя. Тут мы працуем усё яшчэ ў стартапаўскай абстаноўцы, у Mail.ru наш чакае суперсучасны офіс з усімі атрыбутамі hi-tech кампаніі: спортзалай, фітнэсам, цырульняй, хімчысткай, ежай і свежавыціснутымі сокамі…

В.Г.: І для кантактаў гэта лепей, бо наша каманда мусіць будзе тым ці іншым чынам супрацоўнічаць з іншымі прадуктамі Mail.ru, а вырашаць пытанні прасцей, калі мы фізічна знаходзімся ў адным месцы.

— Даводзілася чытаць саркастычныя каменты, маўляў, вы, Юры, прамянялі Google на Mail.ru…

Ю.М.: Я свядома сышоў з Google, каб працаваць на сябе і ствараць уласны прадукт. Я па-ранейшаму раблю тое, у што моцна веру, і гэта матывуе больш за тое, дзе жывеш і працуеш. Асабіста я рады пераезду ў Маскву. Мне падабаецца гэты горад, напоўнены энэргіяй, але не такі шалёны, як Нью-Ёрк. Да таго ж там цудоўная транспартная сістэма, якая дазваляе перасоўвацца без аўтамабіля.

— Наколькі тое, чым вы цяпер займаецеся, будзе адрознівацца ад вашай працы ў складзе Mail.ru?

Ю.М.: Мы будзем незалежным бізнэс-юнітам у іх складзе, як «Одноклассники». Гэта значыць, што мы будзем карыстацца агульнымі для ўсіх службамі маркетынгу, PR, HR. Пры гэтым мы працягнем даволі незалежнае існаванне. Мы самі выбіраем накірунак развіцця і тое, як будзе выглядаць наш прадукт.

Ю.Г.: Mail.ru ў асосбе My.com цікавіць вельмі значны рост MAPS.ME, дзесяткі мільёнаў запамповак. У гэтым сутнасць іх палітыкі: ніхто не будзе разглядаць інвестыцыі ў праект, які не мае мільярднага патэнцыялу. Інтэграцыяй карт у лінейку My.com, іх сусветнай экспансіяй я першы час і буду займацца ў ролі дырэктара па развіцці.

Многія выказваюць засцярогу, што Mail.ru заб’е нашы карты. Я магу назваць два аргументы, чаму гэта дакладна не адбудзецца.

Па-першае, MAPS.ME куплены не пад Mail.ru, што сфакусаваны на расійскім рынку, а пад My.com, які будзе займацца міжнароднай экспансіяй з асноўнымі рынкамі ў ЗША, Еўропе, Азіі і Лацінскай Амерыцы.

Па-другое, ад нас не патрабуюць ані манетызываць прадукт у кароткатэрміновай перспектыве, ані выкарыстоўваць яго для раскруткі сэрвісаў Mail.ru. Як ужо сказаў Юра, у цэлым праект будзе развівацца досыць незалежна.

Юры Гурскі

— Наколькі перспектыўная платформа OpenStreetMap і распрацаваныя на яе аснове офлайн-карты MAPS.ME, калі імклівымі тэмпамі развіваюцца якраз онлайнавыя сэрвісы? У той жа Расіі офлайн-карты не вельмі запатрабаваныя…

Ю.М.: Актуальнасць нашых карт на платформе OSM — ва ўпэўненасці, што яны заўжды будуць надзейна працаваць у самы адказны момант. Там, дзе не бываеш кожны дзень, дзе няма інтэрнэту. Мой знаёмы швейцарац інвеставаў у ферму ў расійскай глыбінцы. Аднойчы ўначы ён на машыне заблукаў у яе ваколіцах. Мабільная сувязь не працавала, і ён здолеў знайсці дарогу толькі з дапамогай нашай карты.

Менш экстрэмальныя сітуацыі адбываюцца рэгулярна з многімі, калі, напрыклад, выходзіш з аэрапорта ў незнаёмы горад і хочаш з’арыентавацца. У той ці іншай ступені гэта функцыя прысутнічае і ў «Яндекса», і ў Google. Аднак, на наш погляд, яны офлайн недаацэньваюць.

Мы са свайго боку будзем імкнуцца рабіць прадукт максімальнай якасці, каб людзі маглі выкарыстоўваць яго не толькі падчас падарожжаў, але і ў штодзённым жыцці.

«Важна адразу фармалізаваць адносіны ў камандзе»

— У 2012 годзе вы перамаглі ў конкурсе стартапаў ў Літве. Што ў перыяд пасля той перамогі да цяперашняга продажу было для вас самым складаным?

В.Г.: Цягам усяго існавання стартапа галоўным момантам ёсць каманда і ўзаемаадносіны ў ёй. Усё астатняе вырашальна. Таму нашым асноўным выклікам было захаваць працаздольную каманду са здаровай атмасферай у калектыве. Мабыць, мы праходзілі розныя перыяды, але агулам далі рады гэтай задачы.

Ю.М.: Гэта было няпроста, бо мы стараліся наймаць яркіх і амбіцыйных людзей, якім не маглі плаціць на ўзроўні лідараў ІТ у Беларусі, не кажучы ўжо пра Захад. Таму кожны для сябе выбіраў сам: заставацца з намі, ці сыходзіць на большыя заробкі.

Хачу падкрэсліць, што супрацоўнікі, якія з намі даўно, добра зарабілі на гэтым продажы.

— Колькі чалавек з вамі ад таго моманту, калі вы перамаглі на згаданым конкурсе ў Літве?

Ю.М.: На той момант у нас працавала пяць чалавек — усе яны працуюць дагэтуль. Сёння ж у праекце ўдзельнічае 17 чалавек.

Яшчэ адной праблемай было тое, што многія ў галіне, інвестары не верылі ў нас, не лічылі перспектыўным накірунак OSM. З іншага боку, цяпер мне падаецца, што гэта быў добры сігнал. У гэтай сувязі мне падабаецца выказванне Пітэра Ціля: добры стартап павінен ісці ў накірунку, куды мала хто рухаецца.

— Азіраючыся назад, што б вы маглі парэкамендаваць маладым камандам, якія толькі мараць пра поспехі кшталту вашага?

Ю.М.: Нашмат карысней вучыцца на памылках, а не на поспехах. Праз памылкі можна пабачыць іх прычыну. У поспеху ж даволі складана вызначыць, які працэнт складае чыстая ўдача, а які — асэнсаваныя дзеянні. І якія ж з гэтых асэнсаваных дзеянняў былі слушнымі, а якія — памылковымі.

Для пачатку мы правільна выбралі рынак. З аднаго боку, мы яго ведалі, з іншага — бачылі велізарную патрэбу спажыўцоў у офлайн-картах, якую індустрыя не ўважала за неабходнасць.

Мы выбралі тэму для мабільнага дадатка, які можа быць усталяваны на кожны смартфон. Апроч таго, мелі экспертызу і досвед у гэтай сферы каля дзесяці год.

Наступны важны момант — мы не спыняліся, калі нам казалі, што не здолеем, напрыклад, зарабляць на гэтым сэрвісе. Мы ўважліва выслухоўвалі аргументы, а потым сядалі і спрабавалі абвергнуць іх нашымі дзеяннямі. Так было не адзін раз.

Нам пашанцавала сустрэць Юру Гурскага, які быў адным з нямногіх у мабільнай галіне, хто таксама паверыў у гэтую тэму. 

   

В.Г.: Цяжка нешта пачынаць рабіць аднаму, таму неабходны аднадумцы. Вельмі пажадана, каб яны мелі экспертызу ў адрозных ад вас галінах.

Вельмі важна адразу фармалізаваць адносіны ў камандзе, каб потым не было незразумелых момантаў. Я тут маю на ўвазе найперш юрыдычны бок справы. Рана ці позна гэтыя пытанні паўстануць, і чым раней вы дамовіцеся, хто і чым валодае, тым прасцей будзе ў далейшым.

Неабходна ўдзельнічаць у лакальных тусоўках са стартаперамі, інжынерамі, маркетолагамі, людзьмі, што маюць доступ да СМІ. Расказвайце ім пра вашу ідэю — вы можаце знайсці карысныя парады і аднадумцаў, пераасэнсаваць многія рэчы.

Таксама вялікім плюсам была складанасць нашага праекта з інжынернага гледзішча, якая, па сутнасці, пазбавіла нас канкурэнтаў. Гэта быў выклік, але ў перспектыве ён апраўдаў сябе. Сёння даступна процьма тэхналогій, дзякуючы якім нават не інжынер можа зрабіць мабільны дадатак, закласці ў яго нейкую логіку, а пасля правяраць, ці яна працуе. Але калі такіх «эпаў» на рынку мільёны, зрабіць нешта ўнікальнае надзвычай цяжка.

MAPS.ME — гэта мабільны дадатак з офлайн-картамі ўсіх краін свету для IOS, Android і BlackBerry на базе картаграфічных даных платформы OpenStreetMap. Сэрвіс дазваляе без далучэння да інтэрнэту праглядаць карты (у бясплатнай версіі), а таксама шукаць (у платнай версіі) па назвах, каардынатах, ключавых словах і адрасах. Першая версія дадатка пабачыла свет у 2011 годзе, пасля чаго яго ўсталявалі больш за 7 мільёнаў карыстальнікаў па ўсім свеце. 18% з іх жывуць у Расіі, 13% — у ЗША, 7% — у Германіі, па 4% — у Італіі і Кітаі. У больш як 100 краінах MAPS.ME ўваходзіць у топ «эпаў» у катэгорыі «Падарожжы».


Фота: Андрэй Давыдчык

Помогаете devby = помогаете ИТ-комьюнити.

Засапортить сейчас.

Читайте также
Cооснователи Bulba Ventures «развелись». Но остались друзьями
Cооснователи Bulba Ventures «развелись». Но остались друзьями
Cооснователи Bulba Ventures «развелись». Но остались друзьями
«Я памру тут» года: EPAM остаётся, беларусы тоже
«Я памру тут» года: EPAM остаётся, беларусы тоже
«Я памру тут» года: EPAM остаётся, беларусы тоже
37 комментариев
Palta запустила цифровую платформу. Она должна помочь в росте Flo и других компаний
Palta запустила цифровую платформу. Она должна помочь в росте Flo и других компаний
Palta запустила цифровую платформу. Она должна помочь в росте Flo и других компаний
Компания Юрия Гурского с Flo в портфеле привлекла $100 млн
Компания Юрия Гурского с Flo в портфеле привлекла $100 млн
Компания Юрия Гурского с Flo в портфеле привлекла $100 млн
3 комментария

Хотите сообщить важную новость? Пишите в Telegram-бот

Главные события и полезные ссылки в нашем Telegram-канале

Обсуждение
Комментируйте без ограничений

Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.

Комментариев пока нет.