Праграміст стварыў сацыяльную сетку пра беларускіх герояў: «Іх прыклады могуць натхніць іншых»

14 июля 2015, 13:35

Больш як год таму 24-гадовы праграміст Алег Хведзьковіч стварыў сайт «Беларускія героі» — своеасаблівую сацыяльную сетку вядомых беларусаў. Навошта распрацоўшчыку непрыбытковы праект і якім чынам ён вызначае «герояў», Алег распавёў dev.by.

Чытаць далей

На праект натхніла фота закатаванага літаратара

— Насамрэч, я ніколі не хацеў быць праграмістам. Мой старэйшы брат вучыўся на платным ва ўніверсітэце, і на маю вышэйшую адукацыю ў бацькоў не было грошай. Пасля 9-га класа я паступіў у радыётэхнічны каледж, бо лічыў яго самым прэстыжным. На пятым курсе каледжу, калі мне свяціла размеркаванне, я задумаўся, што трэба нешта рабіць, каб не патрапіць на працу ў гэты ж каледж лабарантам. Стаў шукаць працу і знайшоў кампанію, дзе працую ўжо чатыры з паловай гады. Займаюся вэб-распрацоўкай у HiQo Solutions. А вышэйшую адукацыю так і не атрымаў. Зараз пра гэта не думаю, бо хачу займацца сваімі праектамі. А ў гэтай сферы, лічу, вышэйшая адукацыя не такая важная. Куды важней тое, што ты ведаеш і што ўмееш, а не які дыплом маеш.

— Што цябе падштурхнула займацца праектам «Беларускія героі»?

— Я з дзяцінства цікавіўся гісторыяй. У пачатковай школе маім любімым прадметам быў «Мая Радзіма Беларусь».

А потым, у 2013-м, у газеце «Камсамольская праўда» пабачыў артыкул пра рэпрасаваных ў 1930-я гады беларусаў. Там было напісана пра славутых навукоўцаў, літаратараў, дзяржаўных дзеячаў, якіх забілі ці рэпрасавалі. Адным з іх быў пісьменнік і грамадскі дзеяч Зміцер Жылуновіч (Цішка Гартны), які пасля страшных допытаў апынуўся ў магілёўскім псіхіатрычным шпіталі, дзе скончыў жыццё самагубствам. Жылуновіча туды адправілі, бо ён сказаў, што не ён вораг народа, а Сталін. А ў тыя часы лічылася, што толькі вар’ят можа такое сказаць.

І яшчэ мяне вельмі ўзрушылі фотаздымкі класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага (здаецца, гэта быў ён). Першы — вядомы партрэт пісьменніка з падручніка гісторыі, а другі — зроблены супрацоўнікамі НКВД пасля катаванняў. Гэта быў здымак чалавека з поўным жаху позіркам, якога маральна зламалі.

Тады я зразумуеў, што так мала ведаю пра гэтых людзей. Таму выбраў гэтую тэму для свайго сайту, каб больш даведацца пра лёсы беларусаў. Магчыма, гэта будзе цікава камусьці яшчэ.

— Але ж цяпер на сайце інфармацыя не толькі пра рэпрасаваных?

— Так. Падчас пошуку інфармацыі я даведаўся пра шмат якіх беларусаў — спартоўцаў, навукоўцаў, якіх раней не ведаў. Усе мае героі займаліся важнымі для Беларусі справамі. Напрыклад, мяне вельмі ўразіў лёс Барыса Кіта. Яму нядаўна споўнілася 105 гадоў, ён выбітны амерыканскі навуковец, зрабіў вялякі ўнёсак у развіццё касмічнай праграмы ЗША. Але сам паходзіць з Беларусі, добра размаўляе на беларускай мове.

Ці вось Яўгенія Янішчыц — выбітная беларуская паэтка, пра якую я раней не чуў. Я палічыў, што раз гэтыя людзі зацікавілі мяне, то, напэўна, іхнія лёсы могуць зацікавіць і іншых людзей.

—  А якім чынам ты вызначаеш, які чарговы профіль стварыць на сайце? Людзі павінны быць беларусамі па нацыянальнасці ці проста паходзіць з Беларусі?

— Не абавязкова. Напрыклад, Мулявін не з Беларусі, але шмат зрабіў для нашай краіны. Ёсць спрэчкі наконт Міцкевіча, Касцюшкі. Маўляў, што яны зрабілі для Беларусі, калі яны палякі. Але я лічу, што мы павінны ведаць усіх такіх суайчыннікаў.

У спісе герояў на гэтым сайце таксама можна пабачыць звычайных людзей, пра якіх мала хто ведае. Напрыклад, герой апошняй вайны Зінаіда Тусналобава. Магчыма, яна нават не размаўляла па-беларуску і не ведала гісторыі нашага краю, але за два гады баёў яна выцягнула 123 салдаты і афіцэры з поля бою. Таму я лічу, што яна — таксама герой Беларусі, заслугоўвае ўвагі, бо выратавала столькі жыццяў! Беларусы павінны ведаць такіх суайчыннікаў. Тусналобава згубіла рукі і ногі, але не згубіла волі. Мяркую, што кожны можа быць героем, і звычайныя людзі робяць незвычайныя рэчы.

— То бок, ніякіх прынцыпаў: нацыянальных, палітычных, моўных? Галоўнае, каб людзі зрабілі нешта важнае для Беларусі?

— Мы ўсе — адзін народ, нельга дзяліць нас па палітычнай прыкмеце. Я змяшчаю на сайце гісторыі людзей, якія зрабілі нешта выбітнае, і чые прыклады могуць натхніць іншых.

«Пакуль заходзяць толькі школьнікі ў пошуку рэфератаў»

— Ты адзін працуеш над сайтам?

— Так, калі я пачынаў у 2013 годзе, у мяне было проста жаданне зрабіць нешта сваё ў адукацыйных мэтах. Потым з’явілася гістарычная тэма — і ў выніку атрымалася такая сацсетка.

Я разумеў, што інфармацыя мусіць быць кароткай і прывабнай, бо людзі не любяць чытаць, яны любяць глядзець малюнкі. І таму трэба было адлюстроўваць гэтую інфармацыю ў цікавай форме.

Ад пачатку я паставіў сабе дэдлайн — 1 сакавіка 2014. Пачаў распрацоўку ўвосень 2013-га. Ад пачатку на сайце было толькі 7 дзеячоў, і дызайн крыху адрозніваўся ад сённяшняга. Але, як я сабе задумаў, 1-га сакавіка 2014 года сайт з’явіўся ў інтэрнэце.

— Распрацоўка цалкам твая?

— Так, усё рабіў сам: і фронтэнд, і бэкэнд. Пісаў яго на PHP. Калі рабіў сайт, хацелася пашырыць сваю экспертызу ў новых тэхналогіях. Такім чынам я паляпшаў і свае веды ў гісторыі, і ў праграмаванні.

І дагэтуль займаюся сайтам толькі я. Час ад часу з’яўляюцца памочнікі. Вось брат дапамагаў, калі меў вольны час. Таксама дапамагалі людзі, якія дасылалі мне інфармацыю. Але ў асноўным усё даводзіцца рабіць самому.

Хацелася б, каб з’явіліся валанцёры, які б дапамагалі мне з пошукам інфармацыі, бо гэта займае шмат часу. А мне, як праграмісту, больш падабаецца распрацоўваць новыя тэхнічныя магчымасці. Калі такія людзі знойдуцца, сайт будзе хутчэй напаўняцца кантэнтам. Пакуль жа атрымліваецца займацца ім толькі ў вольны час на выходных.

— Які прагрэс за год працы?

—  Цяпер на сайце ёсць інфармацыя пра 32 герояў, на ім зарэгістраваны 123 карыстальнікі. Наведванняў пакуль няшмат: прыкладна 30-40 на дзень.

— А сам ты вызначыў, на каго накіраваны гэты сайт?

—  Гэты сайт для шырокай публікі. Пакуль на яго ходзяць у асноўным школьнікі, якія шукаюць інфармацыю для рэфератаў праз Google або Yandex. Але яны доўга не затрымліваюцца, бо ў мяне няма для іх тэкстаў для «копіпасту». Таму гэты сайт хутчэй для тых, каго цікавіць пэўная гістарчыная асоба, пра якую коратка і пры гэтым змястоўна не напісана на іншых сайтах. Для больш падрабязнай і поўнай інфармацыі па спасылцы можна перайсці на разгорнутыя артыкулы, напрыклад, у «Вікіпедыі» ці на афіцыйных сайтах музеяў.

«Як я трапіў у „адмінку“ музея Янкі Купалы»  

— Калі ты спасылаешся на сайты музеяў, ці звяртаўся да іх па дапамогу ў падрыхтоўцы артыкулаў?

— Так, я часта звяртаюся у музеі. Была цікавая гісторыя з музеем Янкі Купалы. Я завітаў на сайт, пабачыў што у іх абноўленая версія. Хутка знайшоў адмінку, дзе ўвёў лагін «admin» і пароль «admin». І змог залагініцца! Напісаў ім, каб змянілі імя карыстальніка і пароль, бо злачынцы могуць нарабіць бяды. Таксама прапанаваў ім супрацоўнічаць, даслаў спасылку на свой сайт. Я прасіў, каб яны мне дапамаглі з інфармацыяй пра Купалу ці хаця б выправілі памылкі ў артыкуле пра яго.

Яны мяне падзячылі за дапамогу з бяспекай сайта, а на прапанову аб супрацоўніцтве адказалі, каб я прыйшоў у музей, напісаў заяву на імя дырэктара. Магчыма, ён выдзяліць людзей, якія будуць гэтым займацца.

Тое самае было і з музеем Васіля Быкава. Я ў суполцы vk.com напісаў, што ёсць старонка з артыкулам пра Быкава, ці не маглі б яны выправіць мне памылкі альбо дадаць цікавыя факты. Яны напісалі, што ім гэта цікава і што мне дапамогуць, але на гэтым усё і скончылася.

— Дзе ты бачыш месца «Беларускіх герояў» у будучыні?

— Трэба развівацца, дадаваць інфармацыю пра большую колькасць людзей. Было б няблага, каб з’явіліся людзі, якія маглі б пастаянна пісаць на гэты сайт. Таксама было б проста цудоўна супрацоўнічаць з музеямі. Я мог бы даць ім доступ да адмінкі, каб яны рэдагавалі інфармацыю, дадавалі ўласныя навіны. Напрыклад, каб ад ім Купалы з’явілася навіна, што ён запрашае на імпрэзу ў свой музей.

Калі будзе шмат інфармацыі, можна будзе зрабіць аналіз гэтых дадзеных. Напрыклад, у якіх рэгіёнах Беларусі часцей за іншыя нараджаліся «героі», у якім узросце пачыналі сваю дзейнасць, якія знакі задыякі найбольш «гераічныя». Але гэта магчыма толькі пры ўмове, калі на сайце будзе вялікі аб’ём інфармацыі.

Таксама можна было зрабіць такую функцыю, як вызначэнне месца, адкуль чалавек зайшоў на сайт. І тады яму будзе прыходзіць паведамленне такога кшталту: «Вы ведаеце, што ў Слоніме жыў і працаваў Леў Сапега і Міхал Казімір Агінскі?»  

На сёння мне патрэбная раскрутка, каб больш людзей ведалі пра сайт і далучаліся да яго напаўнення. Ёсць яшчэ платформа Talaka.by. Можна было б звярнуцца да іх, каб знайсці зацікаўленых у праекце людзей.

Трэба сказаць, што час ад часу мне пішуць, што сайт цікавы, але там трасянка, шмат памылак. Я ад гэтага не адмаўляюся, бо нярэдка бяру інфармацыю з рускамоўных крыніц, сам, як магу, перакладаю, здараюцца памылкі. Але на сустрэчную просьбу выправіць памылкі «каментатары» знікаюць. Большасць толькі гавораць, але нічога не робіць.

 

Фота: Андрэй Давыдчык

подписка на главные новости 
недели != спам
# ит-новости
# анонсы событий
# вакансии
Обсуждение